ОАО «Гомельский домостроительный комбинат»

Новыя кадры ў камандзе будаўнікоў Гомельшчыны

На Гомельшчыне звыш пяцісот выпускнікоў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі атрымала свае першыя працоўныя месцы ў будаўнічых арганізацыях. На прадпрыемствы рэгіёна размеркаваныя і маладыя спецыялісты з дыпломамі ВНУ: інжынеры-будаўнікі, геадэзісты, спецыялісты аддзелаў тэхнічнага кантролю і інжынеры-электронікі.

Анастасія Рубанава — малады спецыяліст — інжынер групы каштарысаў  і эканамічных абгрунтаванняў архітэктурна-праектнай майстэрні  ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат».

Анастасія Рубанава — малады спецыяліст — інжынер групы каштарысаў і эканамічных абгрунтаванняў архітэктурна-праектнай майстэрні ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат».

Значная колькасць спецыялістаў сваё першае рабочае месца знайшла на Гомельскім домабудаўнічым камбінаце. Прадпрыемства само ўзводзіць жылыя дамы, з’яўляецца галоўным падрадчыкам іх узвядзення ў абласным цэнтры, забяспечвае поўны цыкл — ад вытворчасці буйнапанэльнага домабудавання да мантажу, адстройвання і рэалізацыі жылля. Усё гэта стабільна забеспечвае работай моладзь. Яе ва ўрачыстай атмасферы прадстаўляюць перад усім калектывам камбіната: напярэдадні Дня будаўніка (прыходзіцца на другую нядзелю жніўня) праходзіць пасвячэнне 21 «навабранец» — 13 выпускнікоў ВНУ і 8 — з дыпломамі ўстаноў прафтэхадукацыі. Ёсць на камбінаце і яшчэ адна традыцыя — разам з першай працоўнай кніжкай уручаць маладым спецыялістам гадзіннік з лагатыпам прадпрыемства. Гэта сімвал таго, што цяпер для прынятага члена калектыву пойдзе адлік новага часу жыцця.

Гамяльчанка Анастасія Рубанава — адна з трох дзяўчат, якія атрымалі размеркаванне на Гомельскі домабудаўнічы камбінат пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту:

— Я адвучылася чатыры гады на факультэце «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва», мая спецыяльнасць — інжынер-будаўнік, спецыялізацыя — арганізацыя і кіраванне будаўніцтвам будынкаў і збудаванняў.

Яна вельмі рада, што заступіла на пасаду інжынера ў архітэктурна-праектнай майстэрні камбіната. Згаданае структурнае падраздзяленне — калектыў архітэктараў, канструктараў і інжынераў, здольных у кароткія тэрміны выдаць і абараніць якасны праект. У творчым багажы майстэрні — дзясяткі распрацаваных і пабудаваных дамоў у Беларусі і Расіі.

— На чацвёртым курсе менавіта тут пашчасціла праходзіць пераддыпломную практыку, — расказвае дзяўчына. — Вучылася складаць каштарысы, разбірацца ў нарматыўных дакументах, чытаць чарцяжы. Работа падчас вытворчай практыкі дапамагла напісаць дыплом — распрацавала ўласны праект будаб’екта, прапанаванага для выканання на камбінаце.

Анастасія прыступіла да службовых абавязкаў адна з першых сярод студэнтаў свайго выпуску. Лічыць: тое, што атрымала сваё першае рабочае месца на адным з вядучых будаўнічых прадпрыемстваў не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, — матывуе да работы. Падтрымліваюць Настассю і ў сям’і. Яе тата — прафесійны будаўнік. Ён прайшоў шлях ад рабочага, майстра ўчастка, прараба да кіраўніка будаўнічага прадпрыемства. Сама дзяўчына марыць «вырасці» ў дасведчанага інжынера-будаўніка, праектаваць жылыя дамы і прамысловыя будынкі.

Сёлета сярод маладых спецыялістаў з дыпломамі ВНУ, якія атрымалі размеркаванне на Гомельскі домабудаўнічы камбінат, — выпускнікі БелДУТа і Гомельскага
дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога.

— Шэсць выпускнікоў БелДУТа размеркаваныя на пасады майстроў на будаўнічым комплексе прадпрыемства, двое — на пасады геадэзістаў, двое — накіраваныя на работу ў архітэктурна-праектную майстэрню, адзін выпускнік прыступіць да работы майстрам аддзела тэхнічнага кантролю на заводзе буйнапанэльнага домабудавання, — пералічыла намеснік генеральнага дырэктара па кадрах, ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Анджаліна Сырамятнікава. — Маладыя спецыялісты — выпускнікі ГДТУ імя Сухога — размеркаваныя на пасады інжынераў-электронікаў.

Таксама прыйшлі на прадпрыемства выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага ліцэя, Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа, Чачэрскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя рачнога флоту. Яны працаўладкаваныя на пасады слесара па рамонце аўтамабіляў, муляра, электраманцёра, спецыяліста-сантэхніка.

— Варта адзначыць, што ўсе маладыя спецыялісты вельмі матываваныя на работу, — звяртае ўвагу Анджаліна Сырамятнікава. — Яшчэ падчас вучобы, да размеркавання яны звярталіся на прадпрыемства, заяўлялі пра сябе, мы з імі гутарылі, хтосьці праходзіў на камбінаце вытворчую практыку. На папярэднім размеркаванні студэнты ВНУ атрымалі ад камбіната гарантыйныя лісты, што будуць прынятыя на работу.

Прыняцце новага чалавека ў каманду — заўсёды адказная справа. На Гомельскім домабудаўнічым камбінаце імкнуцца захоўваць самую высокую культуру вытворчасці, і работа кожнага спецыяліста, вядома, уплывае на агульны імідж.

— Маладыя спецыялісты, якія прыйшлі на сваю першую работу на прадпрыемства, павінны разумець, што атрымаюць абарону сваіх прафесійных, працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў, — звяртае ўвагу старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Дзмітрый Мурашка. — Яны заўсёды могуць разлічваць на сацыяльную справядлівасць у пытаннях арганізацыі і аплаты працы, захаванне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства. Галоўнае, каб самі належна выконвалі службовыя абавязкі, імкнуліся расці і развівацца. Мы ў сваёй рабоце імкнёмся развіваць сацыяльнае партнёрства паміж прафсаюзамі і наймальнікамі, дзяржаўнымі і гаспадарчымі органамі кіравання.

Прафсаюзы адзначаюць: прэферэнцыі для работнікаў ад наймальніка таксама значна стымулююць. Для супрацоўнікаў камбіната, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, напрыклад, дзейнічае першачарговае права выбару жылля ў жылаб’ектах, што ўзводзяцца прадпрыемствам. На першы ўзнос даецца растэрміноўка на паўгода. Вельмі папулярнае сярод работнікаў забеспячэнне медыцынскай страхоўкай на пяць тысяч рублёў у год.

Стымулюе імкненне годна працаваць і падтрымліваць гонар свайго калектыву таксама разуменне значнасці аб’ектаў, якія ўзводзіць прадпрыемства, упэўнены кіраўнік прафсаюза будаўнікоў Гомельшчыны.

— Народны праект — мемарыяльны комплекс «Ала» ў Светлагорскім раёне — рэалізаваны Гомельскім домабудаўнічым камбінатам, — нагадвае Дзмітрый Мурашка. — Цяпер спецыялісты гэтага прадпрыемства выконваюць усе асноўныя будаўнічыя работы чарговага народнага праекта памяці на Гомельшчыне. Размова пра рэканструкцыю комплексу «Партызанская крынічка» ў Гомельскім раёне. У Петрыкаўскім пабудаваны жылыя дамы для работнікаў горна-абагачальнага камбіната. У Буда-Кашалёўскім рыхтуецца да адкрыцця новы свінагадоўчы комплекс з замкнёным цыклам вытворчасці на 24 тысячы галоў у СУП «Андрэеўка».

Забяспечваюць гомельскія спецыялісты і экспарт будаўнічых паслуг. Яны запатрабаваныя на будоўлях Расійскай Федэрацыі. Цяпер, напрыклад, менавіта гамяльчане выконваюць кантракт на ўзвядзенне буйнога жылога мікрараёна ў Калузе, прапрацоўваюцца кантракты на экспарт будаўнічай вытворчасці на тэрыторыі Бранскай вобласці, адзначае генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандр Ганчароў.

— Дзень будаўніка адзначаць і ў кабіне вежавага крана, і ў глыбокім падзямеллі новых ветак метро, і ва ўтульных кабінетах праектных бюро, — кажа ён. — Вядома, ад работы будаўніка залежыць якасць жыцця мільёнаў людзей. Веру, што апантанасць спецыялістаў абранай справай дапаможа расквітнець нашай краіне.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

 

 

Перейти к содержимому